САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),
масавая антыфашысцкая грамадска-паліт. арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.—чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.Васілеўскай (старшыня), С.Ендрыхоўскага, А.Завадскага, А.Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.
Ю.В.Грыбоўскі.
т. 14, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)